top of page

"Проста не магу пакінуць падонкам Беларусь". Iнтэрв'ю са спецыялістам, які выкрывае агентаў рэжыму

Вельмі важнае інтэрв'ю аднаго з нашых спецыялістаў, які займаецца выкрыццём агентаў рэжыму. Знаёмцеся з Dallas. Займаецца для нас верыфiкацыяй, аналітыкай, дызайнам, мантажом і мноствам іншых задач.



Пра Супраціў, працу і адпачынак


Калі ты трапіў у Супраціў?


У Супраціве я практычна з самага пачатку, але з улікам праходжання праверкі ўсё ж дакладна сказаць, што я толькі ў сакавіку 2021 года афіцыйна далучыўся да арганізацыі.


Як апынуўся ў аб'яднанні?


Атрымалася вельмі цікавая гісторыя, якую з улікам бяспекі цалкам не магу расказаць.


Але, калі коратка, мяне парэкамендавалі хлопцам з Супраціву, і так атрымалася, што мы знайшлі адзін аднаго. 😄


Я на той час спрабаваў знайсці аднадумцаў, якія гатовыя менш гаварыць і больш рабіць, а арганізацыя [Супраціў] шукала чалавека, якому можна даверыцца.

Самае смешнае, што неўзабаве, прайшоўшы этап праверак, мы даведаліся, што былі знаёмыя раней і што ніткі лёсу нас ізноў прывялі да дарогі барацьбы.

Пазней я далучыўся да групы Кіберпартызанаў, чым вельмі ганаруся.


Тобок спачатку ты быў у Буслах, так?


Так, спачатку Буслы.


Але ж добра, што i да нас таксама трапiў. 😊 А раней даводзiлася працаваць у IT сферы?


Меў ужо невялікі вопыт, нават да 2020 году працаваў над сваім стартапам.


За гэты час, што ты ў Супраціве, давялося табе асвоiць новыя навыкi, спецыяльнасцi, каб нам дапамагаць?


Мяркую, што ўсе, хто ў Супраціве, асвоілі і будуць асвойваць і развіваць свае навыкі. Я знаходжуся сярод унікальных і таленавітых людзей.

Калі казаць ужо пра мяне, то часам неабходна нешта зрабіць, і ты проста пачынаеш вывучаць, як гэта робяць профі. Трэба развівацца, бо мы супрацьстаім цэлай сістэме з неабмежаванымі рэсурсамі.


Колькi часу зараз вытрачаеш у сярэднiм на працу штодзённа?


Каля 10-12 гадзін.


Знаходзiш час адпачываць? У цябе бываюць выходныя, водпуск?


З пачаткам вайны працаваў без выходных, але арганізм патрабуе адпачынку, каб не зламацца. Таму спрабую па магчымасці адпачываць у суботу і нядзелю, у святочныя дні.

Водпуска з 2020 года не было.


Як ратуешся ад працоўных стрэсаў? Цi ёсць у цябе якi-небудзь уласны "рэцэпт"?


Па-рознаму.🙂 Прабежка, паглядзець добры фільм... У лепшыя часы ратавала падарожжа. А яшчэ я перамыкаюся на творчую працу, яна мяне ратуе.


"Я перамыкаюся на творчую працу, яна мяне ратуе".
"Я перамыкаюся на творчую працу, яна мяне ратуе".

Пра агентаў рэжыму — як выкрываць i што рабiць


Распавядзi, калi ласка, якiя задачы ты зараз выконваеш?


Задач шмат: ад мантажу ролікаў і дызайна банэраў да кантактаў з партызанамі Буслоў, ДНС і рэзервовым палком [Кастуся Каліноўскага]. Займаюся таксама праверкай рэкрутаў у розныя беларускiя арганізацыі і аб'яднаннi, асабліва для палка [Кастуся Каліноўскага]. Яшчэ сярод маiх задач выкрыццё і перадача зацiкаўленым структурам людзей, якія могуць быць небяспечнымі для беларускай дыяспары, а таксама нанесці шкоду бяспецы краін, у якіх яны знаходзяцца. Акрамя таго, у мяне ёсць некалькі задач на "зямлі".😏


Пра якiх людзей ты кажаш, што яны могуць быць небяспечнымi для беларускай дыяспары? Маеш на ўвазе спраўдных агентаў спецслужбаў, цi гэта звычайныя ябацькi, правакатары?


Я б іх падзяліў на наступныя катэгорыі:


- дзеючыя супрацоўнікі спецслужбаў, альбо тыя, хто раней служыў у сілавых структурах;


- так званыя прафесійныя агенты ГУБАЗiК і стукачы, якія выехалі за межы Беларусі;


- раней судзімыя асобы [якія адбывалі тэрмін не па палітычных артыкулах і дабраахвотна пайшлі на супрацоўніцтва са спецслужбамі];


- людзі, якіх прымусілі да супрацоўніцтва.


Давай паразмаўляем трохі падрабязней пра кожную з гэтых катэгорый. Што супрацоўнікі спецслужбаў звычайна робяць за мяжой, чым вылучаюцца сярод іншых груп агентаў?


Як правіла, яны мала рызыкуюць, назіраюць з боку, курыруюць іншыя катэгорыі.


Частка з іх спрабуе ўладкавацца на працы, якая ў далейшым ім дапаможа выконваць задачы па шпіянажы. Напрыклад, яны могуць стаць дальнабойшчыкамі, таксістамі. Частка з іх арандуе жыллё паблізу стратэгічных трас, аэрапортаў, вайсковых частак. Прасцей кажучы, яны стараюцца быць менш навідавоку і выконваць функцыі па збору інфармацыі.


А чым ад іх адрозніваюцца агенты з ГУБАЗіКа?


Гэтая катэгорыя асоб складаецца з цынікаў і падонкаў. Розны ўзрост, розныя прафесіі, у кожнага знойдуцца прыгожыя гісторыі для СМІ. Дапамагаюць многія ў якасці валанцёраў, яны адны з самых актыўных у дыяспарах. Запісваюцца ў любыя ініцыятывы і даюць інтэрв'ю, выходзяць на мітынгі, праяўляюць іншую актыўнасць. Яны ў поўную карыстаюцца магчымасцямі вольнага свету і пры гэтым закладваюць суседзяў, знаёмых, якія верагодна ім і дапамаглі ўладкавацца.


А чым за мяжой займаюцца раней судзімыя асобы, якія дабраахвотна пайшлі на супрацоўніцтва са спецслужбамі?


Гэта прафесійныя злодзеі, асобы, якія маюць не адну судзімасць, ашуканцы, гандляры наркотыкамі, забойцы, гвалтаўнікі, асобы, якія маюць досвед стварэння злачынных груповак, і нават маньякі. Хворыя на гепатыт С і СНIД... Думаю не варта тлумачыць, што здарыцца, калі такія асобы патрапяць, напрыклад, у полк Каліноўскага?..


Ну, і ўявіце, што ў адзін момант тысячы такіх элементаў прыбылі ў Польшчу, Літву, Германію. Вялікая колькасць асоб, схільных да цяжкіх злачынстваў, якіх няма ў базах мясцовай паліцыі. Больш за тое — яны паспяхова, часта дзякуючы куратарам са спецслужбаў, уладкоўваюцца на месцы, хутка і без праблем атрымліваюць міжнародныя абароны, маючы даведкі аб "палітычным пераследзе". І вось учорашні гвалтаўнік-маньяк, прысуджаны да пажыццёвага, бегае па Капенгагене з міжнароднай абаронай, атрыманай у Польшчы. Забойца са злачыннай групоўкі жыве ў лагеры для бежанцаў у Нямеччыне, фатаграфуецца з беларускім нацыянальным сцягам і распавядае, як усё жыццё змагаўся з рэжымам лукашэнкі. Злодзей ходзіць на курсы польскай мовы з кіраўніком адной з дыяспар, а сябар-фортачнік абышоў практычна ўсе памяшканні, дзе размешчаны арганізацыі беларускіх дыяспар.


Але ж рэжым вярбуе не толькі такіх "прафесійных" злодзеяў. Вымушаюць да супрацоўніцтва і беларусаў, якія сапраўды патрапілі да карнікаў па палітычных артыкулах. Ці нясуць небяспеку гэтыя людзі для беларусаў за мяжой?


Залежыць, вядома, ад сітуацыі, але звычайна гэтыя людзі самі ўжо ў вялікай небяспецы. Хачу іх папярэдзіць і даць параду. Памятайце, у гэтай гульні вы ў любым выпадку будзеце ахвярай і ў гульні спецслужбаў вам не выйграць! Калі вас прымушаюць да супрацоўніцтва, можна напісаць нам, і мы падумаем разам, як вам дапамагчы, альбо спецслужбам той краіны, якая вас прытуліла і дала вам абарону.


"Калі вас прымушаюць да супрацоўніцтва, можна напісаць нам, і мы падумаем разам, як вам дапамагчы, альбо спецслужбам той краіны, якая вас прытуліла і дала вам абарону".
"Калі вас прымушаюць да супрацоўніцтва, можна напісаць нам, і мы падумаем разам, як вам дапамагчы, альбо спецслужбам той краіны, якая вас прытуліла і дала вам абарону".

А як увогуле знаходзiш агентаў? Пра iх паведамляюць iншыя людзi з дыяспары, цi якiм-небудзь iншым шляхам?


Крыніц у нас даволі шмат, выбудавана немаленькая сетка і працягвае будавацца. Я проста нагадаю, што Кіберпартызаны займаюцца верыфікацыяй людзей для многіх арганізацый.


Пры гэтым нам паступае дастаткова інфармацыі ад беларусаў з усяго свету ў боты Буслоў, ДНС, Рэзерва ПКК, палка Каліноўскага, Руху, Кіберпартызан і іншых структур. Нажаль, па гэты час шматлікія арганізацыі грэбуюць бяспекай і недаацэньваюць ролю верыфікацыі.


Шмат ужо было такiх выпадкаў, калi табе даводзiлася выкрываць агентаў?


Калі казаць пра першую катэгорыю агентаў [са спецслужбаў], то такіх выяўлена больш за дзясятак, другой катэгорыі (агенты ГУБАЗiКа, стукачы) дзясяткі, а трэцяй — за сотню.


Што можаш параiць беларусам наконт таго, як выкрываць агентаў рэжыма за мяжой?


Будзьце пільнымі і звяртайце ўвагу на падазроныя дзеянні ці паводзіны людзей у вашым асяроддзі. Калі ў вас ёсць падазрэнні аб тым, што нехта можа быць звязаны з агентурай рэжыму, даверцеся сваёй інтуіцыі.


Але заўсёды памятайце, што вы можаце памыляцца, таму не спяшайцеся вінаваціць чалавека публічна без доказаў. Аднак не ігнаруйце небяспеку, бо, калі вы не памыляецеся, агент відавочна ў вашым асяроддзі не для "проста пагаварыць" і нясе пагрозу бяспецы як вам асабіста, вашай сям'і і блізкім у Беларусі, так і астатнім беларусам, з якімі мае зносіны.


Якiя парады можаш даць наконт таго, як не трапiць на вуду агентам i не выдаць iм iнфармацыю?


Памятайце, галоўны вораг любога рэвалюцыянера — гэта яго ўласны язык, лянота і залішняя даверлівасць. Гэтымі парадамі рэкамендую карыстацца, у першую чаргу, шматлікім актывістам і лідэрам арганізацый.


Не выхваляйцеся сваімі ведамі, будзьце абачлівыя ў сваіх размовах і пазбягайце абмеркавання закрытай інфармацыі ў публічных месцах у прысутнасці малазнаёмых людзей, асабліва ў сітуацыях, дзе можа быць сачэнне або падслухоўванне: офісы, кафэ, рэстараны. Будзьце асцярожныя пры ўстанаўленні новых кантактаў або пры зносінах з незнаёмымі людзьмі, асабліва ў анлайн-асяроддзі.


Будзьце пільныя ў адносінах да прыватнасці інфармацыі або доступу да вашых акаўнтаў. Не давайце асабістыя дадзеныя ці інфармацыю аб сваіх дзеяннях без належнай праверкі. Не грэбуйце верыфікацыяй чальцоў каманды, сёння ў нас ёсць унікальная магчымасць змагацца з агентамі рэжыму, дзякуючы базам Кіберпартызан. Дапамагайце нам у гэтым!


"Галоўны вораг любога рэвалюцыянера — гэта яго ўласны язык, лянота і залішняя даверлівасць".
"Галоўны вораг любога рэвалюцыянера — гэта яго ўласны язык, лянота і залішняя даверлівасць".

Што рабiць, калi маеш падазрэннi, што чалавек з твайго асяроддзя агент, якi працуе на рэжым?


Звярніце ўвагу на паводзіны гэтага чалавека і падзеі, звязаныя з ім. Запішыце любыя падазроныя інцыдэнты ці назіранні.


Збірайце доказы і фіксуйце інфармацыю аб падазроных дзеяннях. Гэта можа ўключаць фатаграфіі, запісы, дакументы ці іншыя матэрыялы, якія могуць дапамагчы ў выкрыцці агентаў рэжыму. Пры магчымасці збярыце інфармацыю аб падазраваным, яго сувязях, дзейнасці і паводзінах.


Пры гэтым падтрымлівайце сваю асабістую бяспеку, не прыцягвайце лішняй увагі да сваёй асобы. Таксама будзьце асцярожныя і не парушайце закон, не вінавацьце чалавека публічна.


Важна памятаць, што падазрэнні не з'яўляюцца пэўнымі доказамі і незаконныя дзеянні могуць прычыніць больш шкоды, чым карысці. Падзяліцеся сваімі асцярогамі і інфармацыяй з надзейнымі людзьмі ці арганізацыямі, праваахоўным органам краіны, ў якой знаходзіцеся, і абавязкова напішыце ў наш бот. Мы збіраем і аналізуем інфармацыю, магчыма, нехта нам ужо паведаміў пра падобныя падазрэнні.



Пра праслухоўку МУС і карнікаў


Акрамя таго, што выкрываешь агентаў, ты таксама дапамагаешь нам ставараць ролікі па праслухоўцы, якую Кіберпартызаны атрымалі пры ўзломе баз дадзеных МУС. Час ад часу нам пiшуць з прапановамi, каб мы папросту выклалi ў агульны доступ усю наяўную праслухоўку, якую рабiлi ў МУС. Як на тваю думку, цi варта Кіберпартызанам гэта зрабiць?


Не бачу ні воднай падставы для прадастаўлення свабоднага доступу да запісаў МУС.


На запісах можа змяшчацца інфармацыя рознага характару, частка з яе закранае інтарэсы трэціх асоб, якія не маюць дачынення да рэпрэсій. Таксама ў ёй могуць змяшчацца персанальныя дадзеныя звычайных людзей. Акрамя таго запісы могуць змяшчаць інфармацыю, якую трэба прытрымаць і выкарыстоўваць у адпаведны момант. Мы не МУС лукашэнкі і ўмеем захоўваць сакрэты. 😄


"Мы не МУС лукашэнкі і ўмеем захоўваць сакрэты".
"Мы не МУС лукашэнкі і ўмеем захоўваць сакрэты".

Як лiчаш, цi актуальныя злiвы гэтых запiсаў зараз, калi прайшло 2-3 гады з гэтых размоваў?


Яны будуць актуальныя не адзін дзясятак гадоў, як і тыя злачынствы, што ўчынілі здраднікі народа.


Бо людзі, чые размовы трапілі на гэтыя запісы, да гэтага часу займаюць свае пасады і парушаюць законы. Яны плююць на прынцыпы маралі і зневажаюць чалавечую годнасць іншых людзей, якіх яны былі абавязаны абараняць, нягледзячы на свае асабістыя прыхільнасці. Гэтыя запісы будуць той палкай, устаўленай у колы іх кар'ернага росту, адносін паміж імі. Гэтыя запісы будуць бізуном, які будзе нагадваць аб учыненых імі злачынствах.


Хай праз тры, пяць, нават дзесяць гадоў, але мы абавязкова нагадаем ім і іх блізкім, калегам, суседзям, хто яны на самой справе. І не варта адпускаць гэты ланцужок, які пакуль яшчэ не так моцна іх цісне, але ў будучыні абавязкова прыцісне.


А што мог бы ад сябе перадаць Казлову, Балабе, Падвойскаму цi iншым карнiкам? Бо яны ж нас чытаюць.😎


Я думаю, што са злачынцамі трэба размаўляць толькі праз прадстаўнікоў закону. Усё, што я б хацеў сказаць, хутка скажуць асабіста людзі, якія прыйдуць затрымліваць іх. Усё, у чым хачу абвінаваціць, зачытае пракурор. А пакаранне, якое яны заслужылі, агучыць суддзя.


Але да гэтага дня мы не пакінем іх у спакоі, будзе горача. 🔥



Пра будучыню i "рэцэпт" захавання сiл


Калi ты пачаў цiкавiцца беларускай палiтыкай? У 2020 годзе, цi раней?


З пачатку 2000-х.


А што з падзей менавiта пратэстаў 2020 года больш за ўсё цябе ўразiла?


Тое, што Беларусь прачнулася.

Людзі, якія проста ў вочы дыктатару крыкнулі "Уходи!".


Людзі, якія проста ў вочы дыктара крыкнулі "Уходи!".
Людзі, якія проста ў вочы дыктатару крыкнулі "Уходи!".

Цi змянiлася ў цябе за апошнiя 3 гады стаўленне да людзей?


Дзякуючы маёй працы я бачу, напэўна, больш, чым большасць. І гэта не толькі здраднікі, карнікі, стукачы, што па слабасці, баязлівасці і з-за шкурных інтарэсаў выбралі бок дыктатара. Я бачу і светлы бок, і ён у разы большы. Таму, калі я і змяніў меркаванне, то выключна ў станоўчы бок.


Цi збiраешся жыць у Беларусi пасля нашай перамогi?


Тут без варыянтаў, трэба будзе яшчэ шмат зрабіць пасля перамогі.


Што ў першую чаргу будзе неабходна зрабiць беларусам пасля перамогi?


Нас чакае вялікая праца над вяртаннем законнасці ў вызваленую Беларусь. Звяржэнне лукашэнкі будзе толькі часткай перамогі.


Я бачу сітуацыю такой, што сёння сістэма выбудавана, як акупацыйная. Сілавыя структуры і спецслужбы выключна настроены на падаўленне супраціўлення захопленага насельніцтва. Так, сёння не паляць вёскі, а знішчаюць кватэры, звальняюць з працы, пераследуюць сваякоў, вымушаюць бегчы ў іншыя краіны. Не вешаюць на шыбеніцах публічна з плакатам "ён супрацоўнічаў з партызанамі", а робяць "пакаяльнае" відэа. Не паляць у печах, а паціху забіваюць у турмах. Але ці можам мы даверыцца ў будучыні выхадцам з карных органаў, нават калі яны "нічога такога не рабілі"? Калі не, то я бачу, што ёсць, над чым працаваць.


Трэба будзе пераарганізаваць спецыяльныя службы, унутраныя органы, забяспечыць абарону краіны ад унутраных і знешніх пагроз.


"Нас чакае вялікая праца над вяртаннем законнасці ў вызваленую Беларусь. Звяржэнне лукашэнкі будзе толькі часткай перамогі".
"Нас чакае вялікая праца над вяртаннем законнасці ў вызваленую Беларусь. Звяржэнне лукашэнкі будзе толькі часткай перамогі".

А ёсць ужо дакладныя пляны, чым думаеш займацца?


Нам (беларусам) трэба будзе выхаваць новае пакаленне сілавых структур: не скалечанае, не звязанае і не знявечанае лукашэнкаўскім рэжымам, не атручанае рускім светам.

Чакае вялікая праца над інстытутамі, якія зоймуцца навучаннем новага пакалення "людзей у пагонах", для якіх гонар і вернасць народу і Беларусі стане галоўнай мэтай.


Вось такія планы, але, магчыма, у сусвету на мяне ёсць свае планы, і я проста ўладкуюся на якую-небудзь працу, альбо стану фрылансерам і буду падарожнічаць, вядучы блогі аб краінах, якія наведаў.😄


Тобок у цябе ёсць думкi займацца ў Беларусi пасля перамогi палiтыкай?🙂


Калі гаварыць шчыра, хацелася б зусім іншым, нечым творчым, не палітыкай, але... нам усім давядзецца ёю заняцца. Проста адмахнуцца і заняцца сваімі справамі, зноў даверыць лёс краіны, некалькіх пакаленняў на невядома каго — гэта будзе раўназначна таму, што ты проста здаўся ля самага фінішу. Ізноў скінуў рашэнне праблем на кагосьці іншага.


"Проста не магу пакінуць падонкам Беларусь. Дазволіць гвалтаўнікам, забойцам, падлізнікам і звычайным баязліўцам, якія збіліся ў зграю, быць беспакаранымі".
"Проста не магу пакінуць падонкам Беларусь. Дазволіць гвалтаўнікам, забойцам, падлізнікам і звычайным баязліўцам, якія збіліся ў зграю, быць беспакаранымі".

Як знаходзiш ciлы i зараз у гэтай барацьбе прымаць удзел, калi многiя людзi папросту вярнулiся да звычайнага жыцця?


Добрае пытанне, сам ня ведаю.😄 Напэўна, я не хачу кідаць пачатае. Проста не магу пакінуць падонкам Беларусь. Дазволіць гвалтаўнікам, забойцам, падлізнікам і звычайным баязліўцам, якія збіліся ў зграю, быць беспакаранымі. Я не магу дазволіць ім перамагчы хаця б у маёй галаве, увесці мяне ў апатыю і абыякавасць, скласці рукі.


Што мог бы параiць iншым людзям з Беларусi, як зараз не ўпадаць у адчай i пракрастынацыю?


Ведаю, прагучыць пафасна, але... Верыць у сябе і ў сваіх блізкіх. Не ў палітыкаў, не ў кагосьці, а менавіта ў сябе і родных. Перамога нараджаецца ў нашых галовах, прайграе той, хто здаецца.

bottom of page