Сёння пазнаёміцеся з vastruha — адным з распрацоўшчыкаў кіберпошукавіка, дзякуючы якому з'явiлiся сотні журналісцкіх расследаванняў і артыкулаў. А таксама стваральнiкам бота па дэанону мянтоў @facement_bot.
Пагаварылі аб тым, як стаў кіберпартызанам, як вярнуць беларусам цікавасць да палітыкі, а таксама будучыню без Лукашэнкі.
Пра КіберПартызанаў
Распавядзi крыху пра сябе. Як ты трапіў да КіберПартызанаў?
Да вайны я працаваў звычайным праграмістам. Але ў першы яе дзень, я зразумеў, што не змагу спакойна глядзець у вочы сваім сябрам украінцам і пачаў думаць, што я магу зрабіць для сваёй краіны. У выніку я вырашыў напісаць у бот КіберПартызан. Там у мяне спыталі, чым я ўмею займацца. Я распісаў свае навыкі, пасля гэтага мяне дадалі ў групу, у якой я атрымаў сваю першую задачу - распрацоўку бота [для Тэлеграм].
Гэта адразу быў нейкі важны праект?
Не, спачатку, я ўвогуле падумаў, што гэта нейкая бессэнсоўная і бескарысная задача. Але потым зразумеў, што выкананне гэтай задачы дапаможа разгрузіць іншых людзей і яны змогуць больш часу ўдзяляць на нешта важнейшае. Я стараўся надаваць гэтаму як мага больш часу, бо разумеў, што важна кожнае дзеяньне, якое набліжае перамогу над рэжымам. З часам я пачаў займацца і іншымі праектамі.
Якімі напрыклад?
У пэўны момант, для таго, каб беларусы змаглі хутчэй і больш эфектыўна атрымліваць інфармацыю, я заняўся перапісваннем старых баз рэжыму, якія былі атрыманы ў рамках кіберперамоваў з яго серверамі.
[Маюцца на ўвазе базы МУС, атрыманыя ў выніку аперацыі "Спякота". Vastruha ўдзельнічаў у распрацоўцы кіберпошукавіка, дзякуючы якому кіберпартызаны дапамагаюць журналістам, праваабаронцам, расследавальнікам і шматлікім іншым людзям, якія выкрываюць злачынствы рэжыму Лукашэнкі].
Таксама для таго, каб кожны беларус мог скарыстацца базамі, мы распрацавалі бота, які дае кожнаму магчымасць распазнаць на фатаграфіі супрацоўнікаў МУС.
Пра працу і асабістае жыццё
А якой выкананай задачай зараз больш за ўсё ганарышся?
Ніякай, я гэта ўспрымаю, як павяртанне даўгоў Радзіме.
Апроч КіберПартызанаў у цябе ёсьць праца?
Так.
Колькi часу ў цябе прыкладна займае праца над нашымi задачамi?
Калі я пісаў базы [для кіберпошукавіка] я вытрачаў гадзін па 12 у дзень.
Цяжка сумяшчаць з асноўнай працай? I ўвогуле цяжка сумяшчаць кiберпартызанства з асабiстым жыццём?
Дзеля мяне - не. Калі ёсць, што рабіць, амаль увесь час вытрачаю на КП, так што гэта і ёсць маё асабістае жыцце. 🙂
А што цябе матывуе столькi часу ўкладваць і не кідаць гэтую справу? Бо насамрэч шмат нашых валанцёраў напачатку вельмi жадаюць дапамагаць, але потым праз кiлька тыдняў цi месяцаў гэта сыходзiць, i людзi папросту знiкаюць.
Тое, што я лічу гэта вельмі важным дзеля будучыні Беларусі.
То бок, у цябе ёсць адчуванне, што з КіберПартызанамi робіш нешта важнае для будучыні Беларусі?
Так.
Што мог бы параiць людзям, якiя думаюць прыяднацца да нас? Да чаго iм варта падрыхтавацца, калi яны жадаюць стаць кiберпартызанамi i дапамагаць нам? 🙂
Да таго, што ім можа падацца, што задачы, якія яны будуць атрымліваць на пачатку, мабыць не вельмі важныя. Гэты этап крыху складана пераадоліць. А параіць магу настойлівасьці, натхнення і ў першую чаргу веры ў вызваленне Беларусі.
А ўвогуле чаму менавiта нам вырашыў напiсаць?
Таму што больш не ведаў, дзе прымяніць свае навыкі.
Як доўга чакаў адказу?
Праз дзень адказалi.
Чаму не напiсаў раней, а толькi з пачаткам вайны?
Я да вайны быў апалітычным проста (ну, не цалкам, а проста не быў гатовы да таго, каб нават на мітынг выйсці). А з пачатку вайны, я проста зразумеў, ва што гэта ўсё вылілася. Я нянавіджу ўсех гэтых пачвар і жадаю, каб яны панеслі за ўсе іх дзеянні адпавядальнасць.
Лепей пазней, чым ніколі. ) Дарэчы, як даўно ты пачаў размаўляць на беларускай мове?
Таксама пасля пачатку вайны.
Родная мова, пратэсты і Беларусь
Як лiчаш, пасля вайны i Перамогi ў Беларусi мы адразу павiнны адмовiцца ад расейскай мовы як мовы, якую ужываюць для грамадскiх i дзяржаўных спраў, цi гэта павiнен быть паступовы працэс?
Ён не можа быць не паступовы, імгненна толькі ў казках бывае. Але ён павінен пачацца, і я бачу, што ў самой Беларусі ўжо змянілася стаўленне да мовы.
А якая выява ў цябе больш за ўсё ўвогуле асацыюецца са словам "Беларусь"? Што адразу ўспамінаеш?
Буслы.
Буслы як птушкi цi як аб'днанне радыкальных беларусаў? 🙃
Як птушкі.
Ты вось быў апалiтычным да вайны. А сачыў жа за палIтычнымi падзеямi ў краiне? Як табе падавалася, мог пратэст мiрным шляхам перамагчы ў 2020 годзе?
Насамрэч не, я верыў у перамогу толькі ў першыя дні, потым я проста перастаў сачыць. А ў першыя дні пратэст складана было назваць мірным.
Чаму перастаў?
Таму што на мой погляд пратэст скончыўся і пачалісь арт-перфомансы.
Палітыка, будучыня і барацьба
Як зараз, на тваю думку, што ўвогуле можа разварушыць людзей, якiя адышлi, цi менавiта зараз думаюць адыйсьцi ад палIтычных працэсаў i больш гэтым не цiкавiцца?
На мой погляд большасць з гэтых людзей проста падманулі. З аднога боку ім казалі, што яны мірныя людзі і па гэтаму яны не павінны адказваць, калі іх забіваюць. А з другога боку ім казалі, што яны мірныя людзі і ў нас ніколі не будзе так, як ва Украіне. А па выніку з нашай краіны выляцела 700 ракет і ў ёй жадаюць размясціць ядзерную зброю. Так што мне падаецца, што ў пэўны момант, людзі вырашаць, што ім хопіць жыць у хлусне і абяруць замест яе волю.
А што можа быць тым "пэўным момантам"?
Момант, калі беларусы пажадаюць звольніцца. У першую чаргу гэтае звальненне павінна адбыцца ў галовах людзей, на мой погляд. Калі людзі перастануць баяцца, то іх пачне баяцца рэжым. А перастануць яны баяцца тады, калі будуць ведаць, што чалавек, які стаіць побач дапаможа, а не дастане тэлефон і пачне стрым.
I як мяркуешь , гэта важна для беларусаў заставацца не апалiтычнымi, нават калi Лукашэнкi не стане?
Слова "ідыёт" прыйшло да нас з Грэцыі і азначае яно чалавека, які не ўдзельнічае ў палітыцы, жыцці грамадства. Палітыка заўсёды будзе ўплываць на жыццё людзей незалежна ад таго, жадаюць яны гэтага ці не. Выбар, канешне, як заўсёды робіць сам чалавек, але трэба памятаць, што нічога не рабіць — гэта таксама выбар. І ўсе павінны зразумець, што палітыка — гэта жыццё нас, нашых дзяцей, а таксама нашая будучыня. Кожны з нас робіць выбар, якой яна будзе, а не Лукашэнка, Ціханоўская, Пазняк, альбо хто-небудзь іншы. Толькі ад нас залежыць, якую краіну мы пакінем сваім нашчадкам.
Каго з сучасных беларускіх палітыкаў паважаеш? Цi ўвогуле ёсць такiя асобы?
Па рыторыцы мне падабаецца Павел Латушко, але я ўспрымаю палітыкаў праз прызму эфектыўнасці і вынікаў дзейнасці. Я лічу, што ніхто па гэтаму паказніку не выдзяляецца, таму не буду нікога абражаць, называя кагосьці.
Але я паважаю ўсіх, хто змагаецца за будучыню Беларусі, і ў першую чаргу робіць гэта праз дзеянні, нават самыя маленькія, а не праз дэкларацыі. Я веру, што толькі разам, аб'яднаўшы нашыя высілкі, у нас атрымаецца звольніць нашую краіну і пачаць жыць так, як мы гэтага жадаем, а не так, як нехта нам кажа.